Міжнародная навуковая канферэнцыя у Навазыбкаве

23-24 кастрычнiка 2014 г. на базе філіяла Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя акад. І.Г. Пятроўскага ў г. Навазыбкаве (Расія) адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Российско-Белорусско-Украинское пограничье: научное взаимодействие в контексте единого социокультурного пространства”, прысвечаная доктару філалагічных навук прафесару П.А. Растаргуеву.

Канферэнцыя была даволі прадстаўнічая. У ёй прымалі ўдзел вучоныя розных славянскіх краін: Расіі, Беларусі, Украіны, Сербіі. Беларусь прадстаўлялі вучоныя БДУ, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Мінскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Танка, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна, супрацоўнікі Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава. Насычанай была работа секцый. На канферэнцыі працавалі 6 секцый, у якіх абмяркоўваліся асаблівасці праяўлення і функцыянавання на тэрыторыі расійска-беларуска-украінскага памежжа лінгвакультуры, славянскай культуры, славянскага тэксту і кантэксту, асвятляліся праблемы медыцыны і экалогіі, педагогікі і псіхалогіі, методыкі навучання ў пагранічных рэгіёнах.

Па выніках канферэнцыі апублікаваны Матэрыялы ў 2-х частках. Удзельнікамі канферэнцыі былі і выкладчыкі нашай кафедры: А.М. Воінава, В.А. Ляшчынская, А.А. Станкевіч, К.Л. Хазанава, Н.П. Цімашэнка. Станкевіч А.А. выступіла з дакладам на тэму “Сімволіка агню і вады ў вясельнай абраднасці Гомельшчыны” на пленарным пасяджэнні канферэнцыі. У праграму секцыі “Восточнославянское единство русской, белорусской и украинской лингвокультур: традиции и новаторство” былі ўключаны даклады Воінавай А.М. “Семантычная характарыстыка лексем пахавальнага абраду ў гаворках Гомельскага рэгіёна”, Ляшчынскай В.А. “Раслінны код культуры ў беларускай фразеалагічнай антрапаніміі”, Хазанавай К.Л. “Пятроўкі ў беларускіх і рускіх гаворках”, Цімашэнка Н.П. “Спецыфіка сінтаксісу беларускіх парэмій”.

У час канферэнцыі адбылося адкрыццё помніка П.А. Растаргуеву і яго жонкі Н.Д. Растаргуевай. Удзельнікі канферэнцыі наведалі музей “Палеазой” бліз в. Юдзінава ў Пагарским раёне Бранскай вобласці на месцы самай старажытнай стаянкі першабытнага чалавека, час якой вучонымі датуецца прыблізна ад 15 да 30 тыс. гадоў таму назад. Жыллё першабытных людзей было пабудавана з касцей маманта. Цікавай і змятоўнай была экскурсія ў краязнаўчы музей в. Юдзінава, які па праву лічыцца адным з лепшых у гэтым рэгіёне. Канферэнцыя пакінула глыбокія ўражанні ў яе ўдзельнікаў.

Падрыхтавала д.ф.н., прафесар  А.А. Станкевіч


















2011 Міжнародная навуковая канферэнцыя у Навазыбкаве . Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates