сустрэча з вядомай акторкаю Святланай Яфімавай

27 сакавіка ў свеце адзначаецца свята тэатра. У гэты дзень сапраўды адчуваеш нейкую няўлоўную блізкасць Таліі, Мельпамены, Тэрпсіхоры і Палігімніі, што нябачна сыходзяць з Парнаскае гары і напаўняюць наваколле хвалямі таленту і ззяннем натхнення.

Трапіць пад неадольны ўплыў хараства тэатральнага мастацтва пашчасціла і студэнтам філалагічнага факультэта, якія надоечы наведалі абласную бібліятэку імя У. Леніна, дзе ў межах “Тыдня тэатру” адбылася сустрэча з вядомай акторкаю Святланай Яфімавай, а таксама з выкшталцона-абаяльным Юрыем Марціновічам. Прысутныя мелі ўнікальную магчымасць даведацца аб ўнутраным жыцці храма сцэны, якое звычайна шчыльна хаваецца ў мройнае покрыва недасяжнасці для простага гледача. Яшчэ адным падарункам стала ўзнаўленне часткі музыкальнага праекта “Закрывая двери в лето”, калі канва акторскіх маналогаў расквечвалася крышталём спеваў, а мелодыі плаўна пераходзілі ў чароўны рэчытатыў, у выніку чаго атмасфера залі напаўнялася нацятым спакоем і адначасна ўзрушаным хваляваннем.

Час сустрэчы, бы летняя заранка, незаўважна прамільгнуў за прыемнай размовай. Нават няўцямна, як ужо ўсе ўсталі з фатэляў, запаўняючы прастору зыкамі апладысментаў… І вось ужо толькі ў сутарэннях памяці нашае раз-пораз адновім мы гэтыя дыяменты ўспамінаў, каб зноў адчуць пекнасць пазнання і шал захаплення, да якіх пашчасціла далучыцца ў сусветны дзень тэатра.

 

 

Аляксандр Дакукін,

студэнт філалагічнага факультэта

група БФ-31

2011 сустрэча з вядомай акторкаю Святланай Яфімавай. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates