Маштабнасць таленту

10 верасня 70-гадовы юбілей святкуе Іван Фёдаравіч Штэйнер, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, загадчык кафедры беларускай літаратуры ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”.

Іван Фёдаравіч Штэйнер нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Беражное Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1975 годзе. Працаваў дырэктарам Хатомельскай школы, у Інстытуце ўдасканальвання настаўнікаў Гомеля. З 1977 года жыццё І. Штэйнера звязана з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам, дзе прайшоў шлях ад асістэнта да загадчыка кафедры беларускай літаратуры, якой кіруе сорак гадоў.

Iмя Штэйнера Iвана Фёдаравiча добра вядома сярод тых, хто цiкавiцца цi прафесiйна займаецца беларускай лiтаратурай. Доктар філалагічных навук, прафесар БДУ Алесь Бельскі так у свой час напісаў пра І. Ф. Штэйнера: “ Гэтым шчырым чалавекам кіруе натхнёнае сэрца, любоў да бацькоўскай зямлі. Іван Штэйнер слугуе беларускай філалогіі, літаратуры і культуры. Калі распачынаецца гаворка пра сённяшні навуковы і літаратурны Гомель, то, безумоўна, яго імя згадваецца адным з першых. Бо І.Штэйнер – асоба, яркая індывідуальнасць”.

І. Штэйнер – асоба шматгранная. Ён вядомы даследчык літаратуры і крытык, заснавальнік навуковай школы “Рэгіянальны, агульнанацыянальны і агульначалавечы ўзроўні ў літаратуры: духоўная спадчына беларусаў у сусветным кантэксце”. Аўтар звыш 20 манаграфій, 7 фальклорна-этнаграфічных зборнікаў, 4 метадычных дапаможнікаў, 3 вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь: “Польскамоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя”, “Шматмоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя”, “Гісторыя беларускай літаратуры XIX стагоддзя” (сумесна з Брадзіхінай А.В.).

Рэгулярна выступае на старонках рэспубліканскай перыёдыкі з агляднымі артыкуламі і рэцэнзіямі, надрукаваў значную колькасць навуковых матэрыялаў у энцыклапедыях, даведніках. Звыш пятнаццаці гадоў з’яўляўся галоўным рэдактарам міжвузаўскага зборніка “Беларуская літаратура”.

І. Штэйнер – лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за цыкл работ “Беларуская літаратура ў славянскім і сусветным кантэксце” (2007). Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў галіне літаратуразнаўства (манаграфія “Смехъ зъ болѣстию смешанъ будеть: смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя” (2017). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ў 2003 годзе І.Ф.Штэйнер атрымаў прэмію за асабісты ўнёсак у развіццё здольнасцей таленавітай моладзі. У гэтым жа годзе атрымаў ганаровае званне Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

І. Ф. Штэйнер – пастаянны ўдзельнік шматлікіх навуковых мерапрыемстваў, міжнародных канферэнцый, Мiжнароднаых з’ездаў славiстаў у Любляне (Славенiя), Охрыдзе (Македонія), Мінску, Бялградзе, канферэнцыях у Варшаве, Познані, Беластоку, Кракаве, Ольдэнбургу (Германія). На працягу многіх гадоў з’яўляўся членам Савета па абароне дысертацый пры НАН Беларусі.

Па ініцыятыве І. Ф. Штэйнера сабраныя ўнікальныя матэрыялы для літаратурнага музея “Alma mater”, прысвечанага выпускнікам ГДУ, якія сталі пісьменнікамі і журналістамі.

Важны напрамак навуковай дзейнасці прафесара І. Ф. Штэйнера – падрыхтоўка навуковых кадраў. Пад яго кіраўніцтвам абаронена адна доктарская дысертацыя (А. М. Мельнікавай) і 18 кандыдацкіх. Зараз рыхтуюць свае даследаванні тры дактаранты і шэсць аспірантаў. Аспірант з КНР Цзі Хэхэ абараніў цікавую дысертацыю па праблеме ідэнтычнасці таленавітага літаратара Уладзіміра Кінга-Дзедлава.

Апошнім часам талент І. Штэйнера раскрыўся з новага боку: ён выступіў як пісьменнік, аўтар п’ес “Мудрости зачало и конец” (2011), “Шлюб па прымусу” (2012), “Кот на лаўрах” (2013), “Юшка из буквиц печатных… вольная пьеса” (2017) (у суаўтарстве з С.Зяньковым); твораў “DELIRIUM. Псіхалагічная гісторыя з элементамі дэтэктыву” (2021). П’есы “Мудрости зачало и конец” і “Кот на лаўрах” былі пастаўлены Гомельскім абласным драматычным тэатрам і карысталіся поспехам у гледача. Мастацкія творы І. Ф. Штэйнера, па сутнасці, з’яўляюцца адлюстраваннем ягоных навуковых пошукаў.

Шчыра віншуем І. Ф. Штэйнера з юбілеем і жадаем яму новых дасягненняў і творчых поспехаў.

2011 Маштабнасць таленту. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates