ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КНІГ ЗЕМЛЯКА


Студэнты філалагічнага факультэта прынялі ўдзел у прэзентацыі  7 тома збору твораў народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі, якая адбылася ў Гомельскай абласной бібліятэцы ў рамках работы Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”. Іван Навуменка (1925-2006) – асоба выключная: пісьменнік, вучоны, педагог, акадэмік НАН Беларусі. Невыпадкова, што прэзентацыі з нагоды выхаду чарговага тома адбываюцца ў Гомелі: Іван Навуменка нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Васілевічы і заўсёды захоўваў цёплыя ўспаміны пра сваю малую радзіму. У Васілевічах адбываецца і дзеянне яго аўтабіяграфічнай трылогіі “Сасна пры дарозе”, “Вецер соснах”, “Сорак трэці”.

  З вялікай цікавасцю прысутныя выслухалі выступленні Аксаны Спрынчан, якая з’яўляецца рэдактарам выдання, сына Івана Навуменкі, Паўла Іванавіча Навуменкі, дацэнта БДУ, Юрыя Плескачэўскага, акадэміка НАН Беларусі, старшыні Гомельскага аддзялення НАН Беларусі. 

Лёс Аксаны Спрынчан цесна звязаны з Гомелем: яе дзед, паэт Браніслаў Спрынчан, працаваў у газеце “Сельмашавец”, бацька, Вадзім Спрынчан, таксама вядомы паэт, нарадзіўся і доўгі час жыў у Гомелі.

Павел Іванавіч Навуменка падзяліўся надзвычай цікавымі ўспамінамі пра бацьку, сваё дзяцінства. Цёплую сяброўскую атмасферу на прэзентацыі ствараў загадчык кафедры беларускай літаратуры Іван Фёдаравч Штэйнер.

Анжэла Мельнікава,

дацэнт кафедры беларускай літаратуры

 

 







2011 ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КНІГ ЗЕМЛЯКА. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates