Прэзентацыя "Слоўніка мова Янкі Купалы"
19 студзеня 2018 года дацэнт кафедры беларускай мовы Ермакова Алена Мікалаеўна ў аўдыторыю 2-1 першага корпуса ГДУ імя Ф. Скарыны правяла для студэнтаў 5 курса спецыяльнасці "Беларуская філалогія" завочнай формы навучання (група БФЗ-51) прэзентацыю “Слоўніка мовы Янкі Купалы”.
Пачатак працы над складаннем “Слоўніка мовы Янкі Купалы” адносіцца да 1975 года, калі загадчык кафедры беларускай і рускай моў д.ф.н. прафесар Уладзімір Васіьевіч Анічэнка разам з кіраўніцтвам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН ініцыявалі складанне слоўнікаў мовы двух класікаў беларускай літаратуры і падзялілі гэтую мовазназаўчую працу паміж двума ўстановамі:
падрыхтоўка “Слоўніка мовы Якуба Коласа” замацоўвалася за Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН,
а складанне “Слоўніка мовы Янкі Купалы” – за супрацоўнікамі кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Падрыхтоўка і выданне “Слоўніка мовы Янкі Купалы” здзейснілася дзякуючы вялікай працы параўнальна невялікага калектыву на чале з д.ф.н. прафесарам У. В. Анічэнкам, вядомым гісторыкам мовы, лексікографам, складальнікам «Слоўніка мовы Скарыны» (Мінск, 1977-1984).
У. В. Анічэнка з’яўляўся галоўным рэдактарам 1-3 тамоў слоўніка. Затым галоўным рэдактарам стала В.А.Ляшчынская, якая адрэдагавала 4–6 тамы, затым У.А.Бобрык, які рэдагаваў 7-8 тамы.
“Слоўнік мовы Янкі Купалы” вырас да 8 тамоў у 9 кнігах і спалучае некалькі тыпаў слоўнікаў – тлумачальны, тлумачальна-энцыклапедычны, частотны.
І сёння “Слоўнік мовы Янкі Купалы”, несумненна, мае вялікае значэнне для развіцця не толькі беларускай, але і ўсёй славянскай лексікаграфіі. Матэрыялы слоўніка даюць магчымасць упэўніцца ў багацці лексікі класіка беларускай літаратуры, якая складае па самых сціплых падліках не менш 26 000 адзінак, і даюць усе падставы для гонару і за мастака, і за народ, што нарадзіў такога волата, і за калектыў, што падрыхтаваў такі слоўнік.