135 год са дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа


3 лістапада – 135 год са дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа (Канстанціна Міцкевіча).

У творчасці Якуба Коласа стагоддзя знайшлі ўвасабленне найбольш важныя, сутнасныя праяўленні нацыянальнага жыцця ва ўсёй яго паўнаце і шматстайнасці, усебакова адлюстравана спецыфіка нацыянальнага стылю жыцця, створаны мастацкі аўтавобраз Беларусі.

Творам, дзе ўвасоблены Космас нацыянальнага быцця, побыт і светапогляд беларуса, выяўлены адметнасці нацыянальнага характару, стала паэма «Новая зямля» Якуба Коласа, якую Ул. Конан назваў «эстэтычнай экзістэнцыяй беларуса».

З нагоды нараджэння Якуба Коласа на філалагічным факультэце праведзены шэраг мерапрыемстваў. Так, студэнты 4 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” правялі дыскусію “Космас Коласа”, студэнты 2 курса чыталі любімыя вершы паэта.

На працягу тыдня запланаваны іншыя мерапрыемствы.


 



«Книга в современном медийном пространстве»

Брадзіхіна А.В., к.ф.н., дацэнт кафедры беларускай літаратуры, прыняла ўдзел у Рэспубліканскім навукова-практычным вэб-семінары «Книга в современном медийном пространстве», які адбудзецца 26 кастрычніка 2017 года на філалагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўнаверсітэта імя А.С. Пушкіна.

Відэавыступленне тут: https://cloud.mail.ru/public/EJZB/UfaWSaw5G

Тэма: Праблема рэалізацыі камунікатыўнай функцыі мастацтва слова ў беларускай культурнай прасторы




Тэатр як гісторыя разбурэння і адраджэння



Студэнты філалагічнага факультэта 17 кастрычніка атрымалі ўнікальную магчымасць сустрэцца з вядомым тэатразнаўцам, доктарам філалагічных навук, дацэнтам Варшаўскага ўніверсітэта Андрэем Масквіным.

Цэнтральнай падзеяй мерапрыемства стала прэзентацыя манаграфіі даследчыка “Беларускі тэатр 1920-30-х гадоў”, якая ўяўляе сабой пашыраны беларускамоўны пераклад працы “Teatr Białoruski 1920-1930. Odrodzenie i zagłada”. Дадзеная кніга сапраўды з’яўляецца з’явай выключнай, бо ў ёй упершыню грунтоўна прасочваюцца ўсе этапы станаўлення і развіцця беларускага тэатра – ад аматарскіх калектываў да прафесійных устаноў культуры. Невыпадкова абраныя і храналагічныя рамкі (1920-30 гг.), таму што працэс пашырэння і якаснай трансфармацыі тэатральнага мастацтва ў нашай краіне адбываўся найбольш актыўна якраз у дадзены перыяд.

А. Масквін распавёў прысутным пра стварэнне першых беларускіх тэатраў (БДТ-1 у Мінску і БДТ-2 у Віцебску), падрыхтоўку актораў для іх, працу выбітнага рэжысёра Е. Міровіча. Звяртаўся даследчык і да дзейнасці перасоўных вандроўных тэатраў У. Галубка, І. Буйніцкага. Не былі пакінутыя па-за ўвагай таксама найбольш папулярныя пісьменнікі-драматургі, п’есы якіх мелі поспех у першай трэці ХХ ст.

Аўдыторыя слухала вельмі ўважліва, доказам чаго была вялікая колькасць пытанняў. Студэнты цікавіліся запатрабаванасцю беларускай драматургіі за мяжой, сучаснымі прэм’ерамі і постацямі майстроў сцэны. Не пакінулі прысутных абыякавымі таксама асабістыя моманты з жыцця навукоўца (наведаныя ім прыгожыя мясціны, любімыя літаратурныя аўтары і інш.).

 Аляксандр Дакукін, студэнт 4 курса




 

 

Працяг глыбокай размовы



“Паэт-філосаф, творчасць якога нельга спасцігнуцьць”; “Філолаг з тонкім адчуваннем таямніцы слоў і магутнай здольнасцю іх увасаблення”; “Сучасны літаратуразнаўца нумар адзін”, – гэтыя і іншыя характарыстыкі гучалі ў адрас знакамітага беларускага пісьменніка Алеся Разанава, які на пачатку кастрычніка наведаў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. 

На сустрэчы адбылася першая ў краіне прэзентацыя кнігі перастварэнняў прадмоў і пасляслоўяў вялікага першадрукара “ Францыск Скарына. Маем найбольшае самі.”

Аўтар адразу  растлумачыў назву кнігі: “Мы, беларусы, багатыя і ў, той жа час, бедныя. Мы маем спадчыну, сваю адметную культуру, але не разумеем іх каштоўнасці. Калі не актывізаваць гэты скарб, ён ў хуткім часе знікне зусім. Ажывіце яго!”

Пасля закліку пісьменнік перайшоў да разважанняў пра асобу і творчасць знакамітага першадрукара:  “Францыск Скарына – асветнік свайго часу, але і наша сучаснае жыццё патрабуе асветы. Бо тэксты яго прадмоў усё ж такі далёкія сённяшняму чалавеку: іншая стылістыка, хапае “недагавораных” старонак. Мая роля ў тым, каб  дапамагчы выявіцца гэтым “парасткам”. У поўнай меры ацаніць арыгінальнасць тэкстаў ў паэтычнай асучасненай форме прысутныя змаглі, калі адчулі іх з вуснаў самаго паэта.

Таксама нельга не прыгадаць той цікавасці, якую выклікала асоба самога пісьменніка. Удзельнікі сустрэчы пыталіся пра яго творчы шлях, працэс напісання вершаў, любімыя творы. Гаварылі таксама і пра вечныя тэмы: каханне, прыгажосць, суадносіны душы і цела, ролю чалавека ў гэтым свеце.

Вельмі спецыфічна ўспрымаліся квантэмы – аўтарскі жанр Алеся Разанава. Маленькія памерам, без рыфмы, але прасякнутыя глыбокім сэнсам і адметным імпульсам, яны ўразілі і ўсхвалявалі прысутных.

Напрыканцы сустрэчы творца так адкажа на адно з пытанняў: “ Чаму я пішу? Не ведаю. Гэта тое ж самае, калі б вы задумваліся, чаму робіце наступны крок. Відаць, унутраны чалавек патрабуе слова.”

Хочацца пажадаць, каб пісьменнік і далей крочыў па сваёй  творчай дарозе, бо ўжо пройдзенае ім – гэта вялікі ўклад у спадчыну беларускай літаратуры.

 Н. Печанькова, студэнтка ГДУ імя Ф.Скарыны.

5.10.2017






Сусветны дзень паэзіі



Паэзія - гэта адказ на самыя вострыя і глыбокія духоўныя пытанні сучаснага чалавека. Але для гэтага неабходна прыцягнуць да яе як мага больш шырокай грамадскай увагі. Таму штогод 21 сакавіка адзначаюцца Сусветны дзень паэзіі.

У гэты дзень па ўсім свеце праходзяць розныя мерапрыемствы, прысвечаныя паэтам і іх творчасці. Наш факультэт таксама не стаў выключэннем. У рамках гэтага свята беларускае аддзяленне 1 і 2 курса правялі мерапрыемства, прысвечанае беларускай паэзіі розных стагоддзяў.

Каманды з вялікім азартам прымалі ўдзел у віктарыне, адказвалі на пытанні вядучай, цытавалі класікаў беларускай паэзіі і проста атрымлівалі асалоду ад вершаў, якія агучвалі сучасныя паэты на роднай мове. Завяршылася віктарына перамогай групы другога курсу.

Выказваем падзяку Фіцнер Т.А., якая сачыла за ходам гульні і справядліва давала ацэнкі на адказы каманд. На прыемнай ноце групы беларускага аддзялення дамовіліся, што мерапрыемствы падобнага тыпу на факультэце будуць праводзіцца не апошні раз.

БФ-21,Язерская Анастасія

Подробнее: Сусветны дзень паэзіі

Подкатегории

2011 Студенческая наука. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates