ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КНІГ ЗЕМЛЯКА


Студэнты філалагічнага факультэта прынялі ўдзел у прэзентацыі  7 тома збору твораў народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі, якая адбылася ў Гомельскай абласной бібліятэцы ў рамках работы Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”. Іван Навуменка (1925-2006) – асоба выключная: пісьменнік, вучоны, педагог, акадэмік НАН Беларусі. Невыпадкова, што прэзентацыі з нагоды выхаду чарговага тома адбываюцца ў Гомелі: Іван Навуменка нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Васілевічы і заўсёды захоўваў цёплыя ўспаміны пра сваю малую радзіму. У Васілевічах адбываецца і дзеянне яго аўтабіяграфічнай трылогіі “Сасна пры дарозе”, “Вецер соснах”, “Сорак трэці”.

  З вялікай цікавасцю прысутныя выслухалі выступленні Аксаны Спрынчан, якая з’яўляецца рэдактарам выдання, сына Івана Навуменкі, Паўла Іванавіча Навуменкі, дацэнта БДУ, Юрыя Плескачэўскага, акадэміка НАН Беларусі, старшыні Гомельскага аддзялення НАН Беларусі. 

Лёс Аксаны Спрынчан цесна звязаны з Гомелем: яе дзед, паэт Браніслаў Спрынчан, працаваў у газеце “Сельмашавец”, бацька, Вадзім Спрынчан, таксама вядомы паэт, нарадзіўся і доўгі час жыў у Гомелі.

Павел Іванавіч Навуменка падзяліўся надзвычай цікавымі ўспамінамі пра бацьку, сваё дзяцінства. Цёплую сяброўскую атмасферу на прэзентацыі ствараў загадчык кафедры беларускай літаратуры Іван Фёдаравч Штэйнер.

Анжэла Мельнікава,

дацэнт кафедры беларускай літаратуры

Подробнее: ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КНІГ ЗЕМЛЯКА

ФІЛФАКАЎСКІЯ СУСТРЭЧЫ


Надзвычай цікавая сутрэча адбылася на філалагічным факультэце. Да студэнтаў завіталі: прафесар Лонданскага ўніверсітэта, аўтар грунтоўных манаграфій па беларускай літаратуры Арнольд Макмілін; Наталля Русецкая, паэтка, перакладчыца, даследчыца шматмоўнай даўняй беларускай літаратуры, выкладчыца беларускай літаратуры Люблінскага ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай (Польша); Ірына Шаўлякова, вядомы беларускі крытык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, начальнік упраўлення навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Арнольд Макмілін распавядаў пра сваё знаёмства з беларускімі пісьменнікамі, сваё захапленне беларускай літаратурай, працай над манаграфіямі па беларускай літаратуры. Асабліва ўразіла студэнтаў добрае валоданне прафесарам беларускай мовай. Арнольд Макмілін прадставіў сваю новую кнігу «Рунь», якая пабачыла свет у 2016 годзе і ў якой прааналізавана творчасць 40 маладых беларускіх паэтаў на падставе іх дэбютных зборнікаў, выдадзеных на пачатку ХХІ стагоддзя.

Наталля Русецкая прэзентавала свой новы паэтычны зборнік “Каштаны ў кішэнях”, распавяла пра працу над перакладамі на беларускую мову твораў польскіх паэтаў, пра кафедру беларусістыкі Люблінскага ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай (Польша).

Ірына Шаўлякова падзялілася сваім бачаннем спецыфікі сучаснага літаратуранага працэсу, расказала пра не заўсёды бясхмарныя ўзаемаадносіны аўтараў і крытыкаў.

Студэнты з захапленнем слухалі выступленні шаноўных гасцей, задавалі шмат пытанняў.

Анжэла Мельнікава,

дацэнт кафедры беларускай літаратуры

Подробнее: ФІЛФАКАЎСКІЯ СУСТРЭЧЫ

МІЖНАРОДНЫ НАВУКОВЫ ФОРУМ



Імя народнага пісьменніка Беларусі акадэміка Івана Якаўлевіча Навуменкі (1925-2006) займае годнае месца ў гісторыі нацыянальнай літаратуры і культуры. Памяць пра ўдзельніка партызанскага руху і франтавіка, заслужанага дзеяча навукі, старшыню Вярхоўнага савета БССР (1985-1990), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, кавалера пяці ордэнаў захоўваецца і на яго радзіме.

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны сумесна з Гомельскім філіялам НАН Беларусі у кастрычніку 2016 года правялі чарговыя Міжнародныя навуковыя чытанні “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”, прысвечаныя памяці Івана Навуменкі.

I. Я. Навуменка – асоба шматгранная: пісьменнік, вучоны, педагог, аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых манаграфій, зборнікаў крытычных артыкулаў.

У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел вучоныя з Украіны, Польшчы, Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі.

 Пастаяннымі удзельнікамамі канферэнцыі з’яўляюцца Гун-Брыт Колер, прафесар, загадчык кафедры славянскіх літаратур Ольдэнбургскага ўніверсітэта (Германія), а таксама прафесар Лонданскага ўніверсітэта, аўтар грунтоўных манаграфій па беларускай літаратуры Арнольд Макмілін. Прафесар Гун-Брыт Колер і прафесар Арнольд Макмілін выступілі з дакладамі па-беларуску, што для прысутных на пленарных паседжаннях студэнтаў стала моцным выхаваўчым аргументам.

Падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя 7 тома збору твораў І. Навуменкі.

  Анжэла Мельнікава,

дацэнт кафедры беларускай літаратуры

Подробнее: МІЖНАРОДНЫ НАВУКОВЫ ФОРУМ

Славянскія літаратурныя дажынкі – 2015


5 лістапада 2015 года «Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка ім. У.І. Леніна» правяла міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі – 2015». Удзельнікі свята назвалі яго фестывалем кнігі, творчасці і цеплыні. Праводзіцца гэта мерапрыемства ўжо ў 8 раз, але ў гэтым годзе яно супала з 10-ці годдзем «Саюза пісьменнікаў Беларусі».

Фестываль сабраў пісьменнікаў трох краін: Украіны, Расіі і Беларусі. Добрай традыцыяй такога мерапрыемства з’яўляецца «запальванне агня сяброўства». 


Подробнее: Славянскія літаратурныя дажынкі – 2015

Гісторыя пад знакам Ката




Любая больш-менш важная падзея для гісторыі мае сваю вагу ў выглядзе дат, імёнаў, малюнкаў, тэкстаў, шыфраў, пароляў, кодаў і г.д. Як удзельнікі і галоўныя ініцыятары з’яўлення на свет кожнай з такіх падзей, мы маем асаблівую сувязь з імі, вядомую толькі нам самім.

Пра якую сувязь я збіраюся распавесці вам у артыкуле з такой дзіўнай назвай? Пра гэта вядома аднаму Богу ды хіба што яшчэ прафесару Івану Фёдаравічу Штэйнеру – загадчыку кафедры беларускай літаратуры, які некалькі дзён таму ў памяшканні чытальнай залі бібліятэкі ГДУ прэзентаваў сваю кнігу “Кот-ваявода”. Падзея гэта вартая ўвагі хаця б таму, што прайшла яна ў незвычайны дзень – пятніцу трынаццатага. Ды і сам прафесар – асоба незвычайная. Хто бываў на кафедры і бачыў там ката, які стаіць на стале пасярод памяшкання, пацвердзіць гэта. Сярод студэнтаў-філолагаў ходзіць думка, што ён вельмі падобны да Івана Фёдаравіча, амаль адзін у адзін. Супадзенне? Не думаю!

Але я крыху адхілілася ад тэмы. Прэзентацыя, між іншым, прайшла пры поўным аншлагу, сам прыгажун-прафесар у вышыванай сарочцы ззяў, як майская зорка на небе, а пахвалам “Кату-ваяводзе” не было межаў. Са словамі падзякі за неардынарную творчасць выступілі дэкан біялагічнага факультэта прафесар Віктар Сяргеевіч Аверын, рэжысёр Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Багдан Арлоўскі, паэт Сяргей Краснабарод, выкладчыца кафедры рускай і сусветнай літаратуры Наталля Уладзіміраўна Суслава.

І нават падарункі прафесару Штэйнеру дастаюцца незвычайныя: у сваёй прамове ён мімаходам узгадаў згублены ім Parker (прафесары заўсёды такія летуценныя!), а сябры творцы па грэка-рымскай барацьбе пасля палымянай оды ў гонар спартсменаў і лірыкаў падарылі яму футбольны мяч, які Іван Фёдаравіч тут жа пусціў у ход – “не адыходзячы ад касы”.

Не ведаю, ці казаў хто-небудзь прафесару, што ён заўзяты постмадэрніст, але нават гэтая рыса яго творчай манеры, на мой погляд, пацвярджае незвычайнасць асобы аўтара. Як было агучана падчас прэзентацыі, кніга “Кот-ваявода” напісана на трох мовах: беларускай, рускай і лацінскай (чытаць можна каму на якой зручней) – і гэта не ўлічваючы англамоўныя словы і выразы, раскіданыя па ўсёй кнізе ў хаатычным парадку. Сюды яшчэ можна дадаць безліч рэмінісцэнцый і цытат з творчасці розных знакамітых пісьменнікаў і філосафаў (Эразм Ратэрдамскі, Плутарх, Францыск Скарына, Вальтэр, Ян Баршчэўскі, Кандрат Крапіва і г.д.). Памножце ўсё гэта на зварот да фальклорнай спадчыны беларусаў, сакавітую народную мову і вы атрымаеце жорсткі постмадэрнісцкі “замес” філасофіі і поп-культуры: хочаце чытайце байку, хочаце – філасофствуйце – каму што больш падабаецца.

А я тым часам чакаю ўжо агучаных Іванам Фёдаравічам новых кніг у колькасці шэсць штук, якія ён, як сапраўдны творца ХХІ стагоддзя, піша адначасова.

P. S. А на вокладку кнігі ўсё-ткі трэба было пасадзіць калі не самога Штэйнера, дык хаця б пузатага ката з кафедры беларускай літаратуры. Так было б больш каларытна.

 

 Крысціна Бандурына

Подробнее: Гісторыя пад знакам Ката

Подкатегории

2011 Студенческая наука. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates