Крокі ў навуку

17 красавіка 2019 г. на філалагічным факультэце паспяхова прайшло пасяджэнне секцыі “Фалькларыстыка” штогадовай студэнцкай навуковай канферэнцыі, удзел у падрыхтоўцы якой прынялі прафесар кафедры рускай і сусветнай літаратуры Новак В.С., аспірант ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры” Яніна Гулевіч і  студэнты філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны. Было заяўлена 10 дакладчыкаў, сярод якіх былі студэнты 1, 2 і 4 курсаў нашага факультэта, а таксама магістрант факультэта замежных моў. Усе будучыя навукоўцы падрыхтавалі свае даклады  добрасумленна і з натхненнем прадставілі іх аўдыторыі.

 

Прысутныя слухалі з зацікаўленасцю і задавалі шмат пытанняў. Тэматыка дакладаў была разнастайная. Дзякуючы магістранту  факультэта замежных моў Шыдлоўскай Вользе, цікава было даведацца, пра семантыку колераў  ва ўсходнеславянскай і англамоўнай культурах. Студэнтка Чыкізава Таццяна з захапленнем прадэманстравала сувязь фальклору з творчасцю А.С. Пушкіна. Увагу аўдыторыі выклікалі таксама даклады Напрэенка Вікторыі і Дрывайла Аляксандры пра вясельную абраднасць Чачэрскага і Брагінскага раёнаў.  Пра этапы радзінна-хрэсьбіннага абраду і традыцыйныя народныя элементы, што захоўваюцца і сёння ў святкаванні  хрэсьбін дазналіся з даследавання, падрыхтаванага студэнткай другога курса Шчалкун Маргарытай на аснове уласных палявых запісаў, зробленых падчас фальклорнай практыкі на тэрыторыі Брагінскага  раёна. Не менш цікавым было і выступленне Шчарбатай Ангеліны па радзінна-хрэсьбіннай абраднасці Акцябрскага раёна. Арыгінальным атрымаўся даклад і ў студэнткі Дзядковай Алесі пра ўнікальны абрад “пераносу свячы”  на Чачэршчыне. Усе студэнты ажывіліся і і актыўна абмяркоўвалі творчы даклад Ніцыеўскай Катрын  пра асаблівасці міфалагічнага светапогляду жыхароў Буда-Кашалёўскага раёна. Аўдыторыя была ўзрушана і зацікаўлена звесткамі інфармантаў  пра ведзьмакоў і міфалагічнымі апавяданнямі пра нячыстую сілу.

Пасяджэнне атрымалася “жывое” і вельмі змястоўнае. Хочацца падзякаваць усім студэнтам за іх навуковую працу і даклады і пажадаць поспехаў у далейшых навуковых даследаваннях.

                                                                                                                                                                                                                           Яніна Гулевіч

1

 

2

 

3

 

 

 

2011 Крокі ў навуку. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates