VІ Міжнародная навуковая канферэнцыя "Скарына i наш час"


У пятніцу, 6 лістапада 2015 года, кафедра беларускай мовы ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” і Навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Францыска Скарыны праводзяць VІ Міжнародную навуковую канферэнцыю “Скарына і наш час”.

У канферэнцыі прымаюць удзел навукоўцы, даследчыкі, выкладчыкі, у сферы навуковых інтарэсаў якіх – гісторыя славянскіх народаў і моў, славянскія мовы і літаратуры, фальклор, міжмоўная камунікацыя.

Плануецца абмеркаванне актуальных пытанняў сучаснай філалогіі, сярод якіх: эпоха і справы Францыска Скарыны, традыцыі Францыска Скарыны, нацыянальная мова ў гістарычна-культурным працэсе, праблемы сучаснай дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, вывучэнне розных узроўняў беларускай літаратурнай мовы, беларуская лексікаграфія, актуальныя пытанні анамастыкі, моўныя кантакты, дыскусійныя пытанні этналінгвістыкі, мова і сродкі масавай камунікацыі, пераклад і інтэрпрэтацыя тэксту, стылістыка мастацкага слова, праблемы літаратуразнаўства, фальклор і мастацтва.

Распачнецца навуковы форум з пленарнага пасяджэння, якое адбудзецца ў 10 гадзін 6 лістапада ў чытальнай зале галоўнага корпуса нашай вну (Гомель, вул. Савецкая, 104, 2 паверх).

Подробнее: VІ Міжнародная навуковая канферэнцыя "Скарына i наш час"

Прэзентацыя калектыўнай манаграфіі

Даследаванне матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларускага народа мае ў наш час асаблівае значэнне. Зварот да народнай культуры вельмі важны для гуманізацыі грамадства, яго духоўнага развіцця, адраджэння многіх страчаных ім эстэтычных ідэалаў, мае значэнне і для патрыятычнага выхавання моладзі, паколькі  павышае яе цікавасць да гісторыі роднага краю, фарміруе павагу і пашану да традыцыйнай культуры, павышае ўзровень нацыянальнай свядомасці.

Усходняе Палессе, на тэпыторыі якога мы пражываем, – унікальны рэгіён са своеасаблівай гісторыяй, культурнымі і моўнымі адметнасцямі, які адыграў істотную ролю ў фарміраванні беларускага этнасу, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры. Культурная прастора Усходняга Палесся, якая мае глыбокія гістарычныя карані, захоўвае шматлікія рэліктавыя з’явы агульнаславянскай і ўсходнеславянскай культуры. На гэтай тэрыторыі найбольш поўна ў розных формах праяўлення – абрадах, звычаях, рытуалах, міфах, паданнях, паэтычнай творчасці, лексіцы – захаваліся архаічныя элементы традыцыйнай народнай культуры, якія даказваюць генетычнае адзінства ўсходнеславянскіх народаў.

Народная мова лічыцца адным з важнейшых састаўных кампанентаў духоўнай культуры. Адной з самых цікавых і пакуль што недастаткова даследаваных у беларускім мовазнаўстве тэматычных груп народна-дыялектнай мовы з’яўляецца абрадавая лексіка, якая называе самыя значныя падзеі ў жыцці чалавека, з’яўляецца вербальным кодам разнастайных рытуальных актаў і дзеянняў.

Выкладчыкі кафедры беларускай мовы ўжо даўно і плённа займаюцца вывучэннем розных тэматычных пластоў народна-дыялектнай лексікі Гомельшчыны. Імі былі апублікаваны  калектыўныя манаграфіі “Назвы адзення, абутку і галаўных убораў у гаворках Гомельшчыны: этналінгвістычны аналіз”, “Лексіка народнай гаспадаркі ў гаворках Мазырска-Прыпяцкага Палесся”. І вось выйшла чарговая манаграфія “Абрадавая лексіка ў гаворках Гомельшчыны: этналінгвістычны аналіз” (А.А. Станкевіч, К.Л. Хазанава, А.М. Воінава. – Гомель, 2015. – 269 с.), прэзентацыя якой адбылася ў студэнцкай аўдыторыі 16 чэрвеня. Студэнты з цікавасцю слухалі выступленні выкладчыкаў-аўтараў манаграфіі і выказалі жаданне больш падрабязна пазнаёміцца з кнігай.

Подробнее: Прэзентацыя калектыўнай манаграфіі

Пяты абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”

         25 красавіка 2015 года ў пяты раз адбыўся абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” сярод вучняў 8 – 10 класаў школ г. Гомеля і Гомельскай вобласці. Конкурс праходзіў на базе ДУА “Гімназія № 36 г. Гомеля імя І. Мележа”, якая гасцінна сустракала выставай творчых работ вучняў гімназіі, цікава арганізавала адкрыццё конкурсу і  была на ўсім працягу конкурсу ўважлівай і шчырай да сваіх гасцей. Удзел у конкурсе ўзялі вучні з усіх раёнаў Гомельскай вобласці, адабраны на раённым этапе.

У якасці членаў журы былі запрошаны выкладчыкі філалагічнага факультэта: з кафедры беларускай мовы праф. В.А. Ляшчынская, дац. Н.А. Багамольнікава, дац. Мінакова Л.М., дац. Паплаўная Л.В., дац. Шведава З.У. Старшынёй конкурсу абрана прафесар кафедры беларускай мовы, доктар філалагічных навук, прафесар – В.А. Ляшчынская.

         Конкурс праходзіў у два этапы: 1-ы – мультымедыйнае эсэ як хатняе заданне, што складалася з вуснага выступлення вучня на агульную тэму, напрыклад, для вучняў 10 класа – “Жыццё – гэта падарожжа”, у  суправаджэнні прэзентацыі. Выступленне кожнага вучня са сваім эсе суправаджалася пытаннямі, якія задавалі вучні па чарзе, і такім чынам усе ацэньваліся за змест і форму выступлення, актуальнасць і арыгінальнасць прэзентацыі і ўменне задаваць пытанні і адказваць на іх.

Подробнее: Пяты абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”

Выніковая канферэнцыя па педагагічнай практыцы

26 сакавіка 2015 года на філалагічным факультэце ў студэнтаў  4 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” адбылася выніковая канферэнцыя па педагагічнай практыцы. Практыка праходзіла ў шасці школах горада, дзве з якіх з’яўляюцца гімназіямі. Прадстаўнікі ад кожнай групы студэнтаў выказалі задавальненне базай практыкі, падзяліліся сваімі цяжкасцямі і радасцямі ў ходзе падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў і напісання псіхолага-педагагічнай характарыстыкі на вучня, шкадавалі, што практыка толькі месяц. У ходзе практыкі амаль усе студэнты  ўпэўніліся ў правільным выбары сваёй будучай прафесіі і выказалі сваю любоў да дзяцей і жаданне працаваць у школе. Факультэцкі кіраўнік практыкі З.У. Шведава падвяла вынікі, падзякавала ўсім за добрую працу і агучыла ацэнкі, сярод якіх пераважае адзнака ў 9 балаў. Прыемна, што выступленні студэнтаў суправаджаліся відэаматэрыялам. Цудоўную прэзентацыю падрыхтавала група студэнтаў, якая праходзіла педагагічную практыку ў сярэдняй школе №8 г. Гомеля пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры беларускай мовы Л.П. Кузьміча.



День открытых дверей

21 сакавіка 2015 года ў рамках універсітэцкай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй” на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з выпускнікамі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На сустрэчы прысутнічала каля 20 чалавек, некаторыя вучні прыехалі з бацькамі. Дзяцей цікавілі пытанні паступлення, пражывання, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання іншымі мовамі, працэсу навучання ў цэлым, размеркавання і інш. З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта У.А. Бобрык, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце А.М. Палуян, намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце А.М. Воінава. Цікавую прэзентацыю факультэта падрыхтавала ініцыятыўная група студэнтаў групы БФ-22 у складзе Сазонава Аляксея, Шукаловіч Алены і Целяпнёвай Анастасіі.

Дарагія выпускнікі, філалагічны факультэт чакае вас! 

Подробнее: День открытых дверей

2011 Навiны. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates